ТЭРМІНАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, які змяшчае сістэматызаванае на аснове пэўных прынцыпаў апісанне тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, вытв-сці, дзейнасці, мастацтва і інш. Напр., лінгвістычны слоўнік, слоўнік электратэхн. тэрмінаў, слоўнік па металургічнай вытв-сці, слоўнік бібліятэчных і бібліягр. тэрмінаў, слоўнік муз. тэрмінаў. У Т.с. побач з алфавітнай пашырана арганізацыя тэрмінаў на аснове сістэмы паняццяў пэўнай галіны навукі («Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі», т. 1, Прага, 1977, змяшчае таксама і бел. частку). Т.с. бываюць уласна тэрміналагічныя, г.зн. уключаюць тэрмін і яго азначэнне («Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў», 1995), і перакладныя («Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі» Н.А.Ганчаровай і М.Г.Антанюк, 2000), а таксама могуць змяшчаць і перакладную (двух- або шматмоўную) і тлумачальную часткі («Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы», 1994). Часам Т.с. уключае тэрміны не адной вузкай галіны ведаў, а некалькіх, звычайна сумежных, галін («Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы» В.М.Капко і Б.М.Хрусталёва, 1995; «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік», т. 1, 1997). Тлумачальная частка можа ўключаць строга навук. азначэнне (дэфініцыю) або больш шырокае апісанне тэрміна, набліжаючыся да слоўніка энцыклапедычнага тыпу, слоўніка-даведніка («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі», абодва 1992). Па глыбіні і паўнаце ахопу паняццяў і паводле прызначэння існуюць школьныя Т.с. («Геаграфічны слоўнік школьніка» І.П.Галай, С.І.Сідор, 1986; «Экалагічны слоўнік», 1993), Т.с. для сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П.У.Сцяцко, М.Ф.Гуліцкага, Л.А.Антанюк, 1990) і акад., фундаментальныя слоўнікі, якія змяшчаюць вычарпальна поўную сістэму паняццяў на сучасным узроўні развіцця адпаведнай галіны і прызначаны для спецыялістаў («Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музычны слоўнік руска-беларускі», 1999). Гіст. тэрміналогія часткова фіксуецца ў гістарычных слоўніках («Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.І.Гарбачэўскага, 1874).
Л.А.Антанюк.
т. 16, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)